Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Шамава

ШАМАВА

 

ШАМАВА – вёска ў Падсолтаўскім с/с, за 35 км ад Мсціслава, 130 км ад Магілёва.

Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. У 1737 г. вёска ў Мсціслаўскім павеце, мелася драўляная царква, уласнасць памешчыка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1777 г. мястэчка, 2 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1784 г. цэнтр воласці Мсціслаўскага павета. У 1846 г. ў Магілёўскім павеце, 314 жыхароў. У 1848 г. 88 двароў. У 1861 г. мястэчка пры паштовым тракце ў Мсціслаўскім павеце Магілёўскай губ., 105 двароў, 489 жыхароў, школа, царква, 2 разы ў год праводзіліся кірмашы. У 1879 г. засн. ваўначаска і крупадзёрка. У 1880 г. 91 двор, 741 жыхар, 30 крам, царква, лячэбніца (адкрыта не пазней 1880), аптэка, школа (нар. вучылішча, адкрыта ў 1865), у якой у 1889 г. навучаліся 63 хлопчыкі і 8 дзяўчынак. Быў пашыраны сталярны промысел. Паводле перапісу 1897 г. 107 двароў, 917 жыхароў, 2 крупадзёркі, вадзяны млын, паштовае аддз., хлебазапасны магазін, 32 крамы, 4 піцейныя дамы; раз у год праводзіліся 7-дзённы і 2-дзённы кірмашы. У 1905 адкрыта вінная крама. У 1909 г. ў мястэчку разам са Слабадой быў 161 двор, 962 жыхары. З 1918 г. дзейнічаў к-т беднаты. 07.03.1918 г. сход грамадзян воласці прыняў рашэнне аб фарміраванні атрада Чырвонай гвардыі ў колькасці 20 чал. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэв. створана прац. школа 2-й ступені, у якой у 1924 г. было 159 вучняў. З 20.02.1938 г. цэнтр сельсавета. Працавалі б-ка, хата-чытальня, урачэбны пункт, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1925 г. створана т-ва па сумесным выкарыстанні с.-г. тэхнікі. У 1926 г. для школы пабудаваны дадаткова 2 памяшканні, а ў 1927 г. стала 7-гадовай. У 1929 г. пабудаваны торфазавод, дзейнічалі шавецкая майстэрня, кузня, нафтавы млын і сукнавальня; арганізаваны калгас імя Варашылава (у 1932 г. 24 гаспадаркі, 98 га ворыва) і “Ударнік” (у 1932 г. 50 гаспадарак, 180 га ворыва). Адначасова ў 1930-х г. тут быў саўгас “Чырвоны сцяг”, які ўваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст. У 1935 г. пабудавана новае памяшканне для школы. У 1937 г. на млыне пачаў працаваць генератар па выпрацоўцы электраэнергіі (25 кВт). З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У 1940 г. 228 двароў, 920 жыхароў, радзільны дом. У Вял. Айч. вайну з 14.07.1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія тройчы (ліст. 1941 г., ліп. 1942 г., вер. 1943 г.) палілі вёску (спалены 208 дамоў), загубілі 500 жыхароў. На ПдУ ад вёскі ў брацкай магіле пахаваны 36 сав. воінаў, што загінулі ў баі за яе вызваленне. На ўсх. ускраіне магіла 437 ахвяр фашызму, расстраляных гітлераўцамі 02.02.1942 г. У цэнтры вёскі на ўшанаванне памяці 218 землякоў, загінуўшых на фронце і ў партыз. барацьбе, у 1975 г. узведзены абеліск. У 1990 г. 71 гаспадарка, 157 жыхароў, у складзе калгаса “Камуніст” (цэнтр – в. Несцерава). Працавалі сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, фельч.-акушэрскі пункт, 2 магазіны, аўтаматычная тэлеф.станцыя, аддз. сувязі, ветэрынарны ўчастак. У 2007 г. вёска ў СВК “Курманава”, Дом культуры, б-ка, магазін. Зараз ААТ “Натапа-Агра”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 71 чал.

Радзіма доктара медыцынскіх навук В.Р. Астапенкі (1924-89).

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 267, 273, 282, 437.

У тэксце ёсць згадка пра в. Шамава.

  1. Шамава : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 93 — 94.
  2. Шамава : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 603 — 604.

 

Belarusian BE Russian RU