Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Ракшыно

РАКШЫНО

 

РАКШЫНО – вёска, цэнтр Ракшынскага сельсавета, за 31 км ад Мсціслава.

Па пісьмовых крыніцах вядома з 17 ст. У 1654 г. вёска пажалавана царом Аляксеем Міхайлавічам Івану Сямашку, нашчадку мітрапаліта Іосіфа Сямашкі. У 1667 г. сяло Ракошын аддадзена Мсціслаўскаму кармеліцкаму кляштару. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 г. сяло ў Чавускай акрузе Магілёўскай губерніі. Памешчык меў тут у 1876 г. 100 дзесяцін зямлі. Паводле перапісу 1897 г. ў Расненскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерніі, 8 двароў, 46 жыхароў. Непадалёку былі 2 аднайменныя фальваркі: у адным – 1 двор, 10 жыхароў, у другім – 2 двары, 2 жыхары. У 1909 г. ў сяле 10 двароў, 57 жыхароў, у фальварках – 2 двары, 9 жыхароў.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў 1918 г. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. У 1930 г. арганізаваны калгас “Пераможац”, які абслугоўвала Курманаўская МТС. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну з 11.07.1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У брацкай магіле, што на могілках, пахаваны 27 воінаў 277-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў баях у 1943 г.

У 1990 г. 68 гаспадарак, 146 жыхароў, цэнтр калгаса імя Свярдлова, які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі. Меў 3897 га сельска-гаспадарчых угоддзяў. У вёскі працавалі сярэдняя школа, бібліятэка, сталовая, магазін, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарка-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, а таксама млын, конна-таварная ферма, з рабочым іпадромам. У 2007 г. вёска ў СВК “Сцяг працы” (цэнтр – в. Мішні).

Зараз ААТ “Сцяг працы”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 68 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 272, 282.

У тэксце ёсць згадка пра в. Ракшыно.

  1. Ракшыно : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 78.
  2. Ракшыно : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 595.
Belarusian BE Russian RU