Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Мышкіна

МЫШКІНА

 

МЫШКІНА – вёска ў Мазалаўскім с/с, за 12 км на ПдЗ ад Мсціслава, 88 км ад Магілёва, 13 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша – Сураж.

Па пісьмовых крыніцах вядома з 1690 г. як вёска ў валоданні памешчыка. У 1708 г. ўласнасць Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. Памешчык у 1833 г. меў у вёсцы 121 дзес., а ў 1875 г. – 381 дзес. зямлі. У 1858 г. ў Мсціслаўскім павеце, 60 рэвізскіх душ, уласнасць памешчыка. Паводле перапісу 1897 г. ў Казіміраваслабодскай вол. Мсціслаўскага павета, 21 двор, 158 жыхароў. Побач былі 3 аднайменныя фальваркі (па 1 двары) і 2 сядзібы (1 двары).  У 1909 г. 23 двары, 184 жыхары. У 1918 г. адкрыта школа, якой быў перададзены былы памешчыцкі будынак. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. У 1925 г. ў школе навучаліся 38 вучняў. У 1931 г. арганізаваны калгас “Новае жыццё”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 12 гаспадарак, меў 113 га зямлі. З 1933 г. яго абслугоўвала Мсціслаўская МТС. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У 1940 г. 40 двароў, 132 жыхары. У Вял. Айч. вайну з 14.07.1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў вер. 1943 г. спалілі вёску (38 дамоў). Пасля вайны адбудавана. У 1976 г. далучана в. Жараціно. У 1990 г. 48 гаспадарак, 122 жыхары, у складзе калгаса “60 гадоў БССР” (цэнтр – в. Мазалава), працаваў магазін. У 2007 г. ў СВК “Мазалаўскі”.

Зараз ААТ “Мазалаўскае”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 26 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Мышкіна : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 64 — 65.
  2. Мышкіна : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 588 — 589.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 282.

У тэксце ёсць згадка пра в. Мышкіна.

 

Belarusian BE Russian RU