Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Мілейкава

МІЛЕЙКАВА

 

МІЛЕЙКАВА – вёска ў Падсолтаўскім сельсавеце, за 22 км ад Мсціслава.

Па пісьмовых крыніцах вядома з 16 ст. У 1579 г. сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У чэрвені 1881 г. сяляне захапілі памешчыцкую зямлю, правялі высечку лесу і аказалі супраціўленне ўладам  пры размежаванні сваёй і памешчыцкай зямлі. Паводле перапісу 1897 г. ў Бохацкай воласці Мсціслаўскага павета, 48 двароў, 382 жыхары. У 1909 г. 61 двор, 380 жыхароў. У 1912 г. адкрыта земская школа.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 г. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1926 г. быў 41 вучань. У 1930 г. арганізаваны калгас “Чырвоны кастрычнік”, які ў 1932 г. аб’ядноўваўся Курманаўскай МТС. У 1931 г. калгасу перададзены ўрочышчы Беразняк і Шырокае. З 20.02.1938 г. ў Магілеўскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ў кастрычніку 1941 г. закатавалі 7 жыхароў. Вызвалена 29.09.1943 г. часцямі 277-й стралковай дывізіі. У брацкай магіле пахаваны 4 савецкіх воіны, што загінулі ў баях супраць акупантаў 20.07.1941 г. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 74 вяскоўцы. У памяць аб іх у 1982 г. ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск.

У 1990 г. 97 гаспадаркі, 288 жыхароў, цэнтр калгаса “Ленінскі шлях”, які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі. Меў 3748 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 2851 га ворыва, 56 трактароў, 15 збожжаўборочных камбайнаў, 49 грузавых аўтамашын і іншую тэхніку. У вёсцы працавалі пачатковая школа, дзіцячы сад-яслі, клуб, бібліятэка, Дом культуры, сталовая, гасцініца, гандлёвы цэнтр, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі. У 2007 г. цэнтр СВК “Мілейкава”, дзіцячы сад, сярэдняя школа, бібліятэка, клуб, фельчарскі-акушэрскі пункт, магазін, аддзяленне сувязі.

Зараз ААТ “Натапа-Агра”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 216 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Мілейкава : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 61 — 62.
  2. Мілейкава : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 587.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 50, 267, 272, 281.

У тэксце ёсць згадка пра в. Мілейкава.

 

Belarusian BE Russian RU