Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Лютня

ЛЮТНЯ

 

ЛЮТНЯ (да 06.05.1978 г. Рагайлаўшчына) – вёска ў Капачоўскім с/с, за 3 км ад Мсціслава.

Праз 0,3 км знаходзіцца гарадзішча, што сведчыць аб засялені гэтых месц у далёкай старажытнасці. Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з 19 ст. У 1834 г. сяло Рагайлаўшчына ў Мсціслаўскім павеце, 1 двор, 2 жыхары, уласнасць памешчыка. Паводле перапісу 1897 г. ў Старасельскай воласці Мсціслаўскага павета, 1 двор, 3 жыхары. У 1909 г. 7 жыхароў. У пачатку 20 ст. фальваркі Лютня (1 двор, 7 жыхароў), Рагайлаўшчына (1 двор, 12 жыхароў) і Бобрыкі аб’ядналіся ў адну вёску, якая ўваходзіла ў Старасельскай воласці Мсціслаўскага павета.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 г. У 1919 г. адкрыта школа, якая размяшчалася ў былым памешчыцкім будынку (у 1925 г. вучняў). З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. Арганізаваны саўгасы “Рагалаўшчына” і “Бобрыкі”, якія спецыялізаваліся на вырошчванні гародніны і садавіны. У 1935 г. на іх базе створаны Мсціслаўскі конны завод № 120, адкрыты дзіцячыя яслі. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1940 г. 42 двары, 198 жыхароў.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У 1967 г. ў цэнтры вёскі на ўшанаванне памяці 328 землякоў, якія загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе, пастаўлены абеліск. З 21.04.1978 г. цэнтр сельсавета. У 1990 г. 177 гаспадарак, 160 жыхароў, цэнтр Мсціслаўскага коннага завода № 120, які спецыялізаваўся на вырошчванні запражных коней сярэдняй і цяжкавагай парод, на мясамалочнай жывёлагадоўлі, меў 6122 га сельгасугодзяў. У вёсцы працавалі дзіцячы сад-яслі, пачатковая школа, бібліятэка, клуб, сталовая, 2 магазіны, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, а таксама млын, конна-таварная ферма, з рабочым іпадромам. У 2007 г. цэнтр РУСП “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Віхра”, дзіцячы сад, сярэдняя школа, бібліятэка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, аддзяленне сувязі. Месцамі адпачынку з’яўляюцца парк каля р. Суточка і жывапіснае наваколле ўздоўж рэк Суточка і Віхра.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 341 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Лютня : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 57 — 58.
  2. Лютня : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 585.
  3. Лютня, гарадзішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мінск. — 1986. — С. 314.
  4. Лютня, цэнтр сельсавета, за 0,3 км на захад ад вёскі, на мысе левага берага р. Гаранка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — 1734. — С. 314.
  5. Магілёўшчына : Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс., апрац. А. М. Ненадаўца. — Мінск : Беларусь, 2002. — 416 с.: іл.

У тэксце згадка пра в. Лютня.

  1. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 50, 267, 272.

У тэксце ёсць згадка пра в. Лютня.

Belarusian BE Russian RU