Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Людагошча

ЛЮДАГОШЧА

 

ЛЮДАГОШЧА – вёска ў Краснагорскім с/с, за 16 км ад Мсціслава.

Першае пісьмовае ўпамінанне аб вёсцы адносіцца да 1499 г., як гаспадарскі двор князя Жаслаўскага. У 1559 г. сяло ў Мсціслаўскай воласці, дзяржаўная ўласнасць. У час вайны Расіі з Рэчы Паспалітай 1654-67 гг. спустошана ў выніку ваенных дзеянняў. У 1737 г. мелася царква. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1797 г. сяло Людагошча (40 двароў, 108 жыхароў) і аднайменны фальварак (9 жыхароў) належылі Маляціцкаму дамінікансаму кляштару, дзейнічала карчма. У 1848 г. ў складзе казённага маёнтка Галоўчыцы. Паводле перапісу 1897 г. ў Казіміраваслабодскай воласці Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерніі, 53 двары, 441 жыхар. У 1906 г. адкрыта земская школа. У 1909 г. 58 двароў, 536 жыхароў.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 г. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1926 г. было 42 вучні. У 1930 г. вяскоўцы арганізавалі калгас “Рада”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 56 гаспадарак, меў 308 га ворыва, працавалі кузня і ваўначоска. У 1931 г. пачала дзейнічаць прам. арцель “Чырвоны рыбак”. У 1933 г. калгас абслугоўвала Мсціслаўская МТС. Дзейнічалі кузня і ваўначоска. У 1953 г. адкрыты клуб. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1940 г. 120 двароў.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія спалілі 18 двароў. Пасля вайны адбудавана.

У 1990 г. 80 гаспадарак, 149 жыхароў, у складзе калгаса “ХХVІ з’езд КПСС”. У 2007 г. ў СВК “Сож-Агра” Дзейнічае магазін.

Зараз ААТ “Сож-Агра”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 25 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Людагошча : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 56 — 57.
  2. Людагошча : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 585.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 267, 272, 281, 437, 618.

У тэксце ёсць згадка пра в. Людагошча.

 

Belarusian BE Russian RU