Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Курманава

КУРМАНАВА

 

КУРМАНАВА – вёска ў Падсолтаўскім с/с, за 28 км на ПнЗ ад Мсціслава, 123 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Цёмны Лес на лініі Орша – Сураж.

Па пісьмовых крыніцах вядома з 19 ст. як маёнтак Курманава. У 1825 г. тут заснаваны сукнавальня і вінакурная вытворчасць (у 1881 г. 9 рабочых). У 1857 г. вёска і фальварак у Мсціслаўскім павеце. У 1860 г. вёска, цэнтр аднайменнага маёнтка, уласнасць памешчыка, якая мела тут у 1877 г. 6295 дзес. зямлі, вінакурны з-д, 2 млыны, сукнавальню і 2 карчмы. У 1880 г. ў Шамаўскай вол., 23 двары, 161 жыхар. Паводле перапісу 1897 г. 34 двары, 222 жыхары, у фальварку – 71 двор. Дзейнічалі млын, сукнавальня, піцейны дом. У снеж. 1905 г. прыбыўшы з Масквы на радзіму селянін М. Старчакоў вёў рэв. прапаганду, заклікаў да паўстання. У 1909 г. ў вёсцы 39 двароў, 254 жыхары, у фальварку – 29 жыхароў. У чэрв. 1917 г. сяляне, што выконвалі пастанову вал. к-та, забралі ў памешчыцы маёнтак, падзялілі зямлю, рэквізавалі 85 галоў жывёлы, высеклі вял. надзел лесу. У 1923 г. адкрыта прац. школа 1-й ступені. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. З 20.08.1924 г. да 20.02.1938 г. цэнтр сельсавета. У 1925 г. створана закупачна-збытавое с.-г. крэдытнае т-ва. У 1929 г. арганізаваны саўгас “Чырвоны сцяг”, які ў 1933 г. меў 4 трактары і іншую с.-г. тэхніку. У вёсцы быў таксама калгас “VI з’езд Саветаў Мсціслаўшчыны”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 36 гаспадарак, меў 172 га ворыва. У 1937 г. на базе скасаванага саўгаса створана Курманаўская МТС (рэарганізавана 31.03.1958 г.), адкрыты дзіцячыя яслі, дзейнічалі цагельны і лёнаапрацоўчы з-ды. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну 14.07.1941 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалена 29.09.1943 г. часцямі 277-й стралк. дывізіі. У цэнтры вёскі, каля будынка праўлення калгаса, на ўшанаванне памяці 220 землякоў, якія загінулі на фронце і ў партыз. барацьбе, у 1968 г. пастаўлены абеліск. У 1990 г. 127 гаспадарак, 291 жыхар, цэнтр калгаса Леніна, які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі. Меў 4841 га сельгасугоддзяў. У вёсцы працавалі дзіцячы сад, сярэдняя і муз. школы, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, урачэбная амбалаторыя, сталовая, прадуктовы і прамтаварны магазін, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, швейная мастэрня, аддз. сувязі, аўтаматычная тэлеф. станцыя. У 2007 г. цэнтр СВК “Курманава”. Зарат ААТ “Натапа-Агра”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 228 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Курманава : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 53 — 54.
  2. Курманава : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 583 — 584.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 267, 272, 281.

У тэксце ёсць згадка пра в. Курманава.

 

Belarusian BE Russian RU