Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Колтава

КОЛТАВА

 

КОЛТАВА – вёска ў Краснагорскім с/с, за 14 км на Пд ад Мсціслава, 109 км ад Магілёва, 22 км ад чыг. ст. Крычаў на лініі Орша-Сураж.

Па пісьмовых крыніцах вядома з 17 ст. У 1620 г. фальварак, уласнасць памешчыка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1858 г. вёска ў Мсціслаўскім павеце, 99 рэвізскіх душ, мелася карчма. У 1885 г. сяло ў Казіміраваслабодскай вол. Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., 34 двары, 235 жыхароў. Дзейнічала царква (адкрыта не пазней 1880 г.), рэшткі якой захаваліся да нашых дзён. Паводле перапісу 1897 г. 55 двароў, 348 жыхароў, царк.-прыходская школа. У 1909 г. 380 жыхароў. Побач быў аднайменны фальварак, 11 двароў, 92 жыхары. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэвалюцыйнай створана прац. школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 103 вучня. Працаваў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1931 г. арганізаваны калгас “Звязда”, які ў 1932 аб’ядноўваў 61 гаспадарку, меў 340 га ворыва, абслугоўваўся Мсціслаўскай МТС. У 1931 г. яму было перададзена ўрочышча Слабодка. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У 1940 г. 38 двароў, 202 жыхары. У Вял. Айч. вайну з 17.07.1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў вер. 1943 г. поўнасцю спалілі вёску, загубілі 1 жыхара. Пасля вайны адбудавана. У 1990 г. 26 гаспадарак, 50 жыхароў, у складзе калгаса імя Чапаева (цэнтр – в. Сялец). У 2007 г. ў СВК імя Чапаева. Зараз у складзе ААТ “Сож-Агра”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 6 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Колтава : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 48 — 49.
  2. Колтава : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 581 — 582.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 262, 272, 617.

У тэксце ёсць згадка пра в. Колтава.

Belarusian BE Russian RU