Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Ходасы

ХОДАСЫ

 

ХОДАСЫ – вёска, цэнтр Ходасаўскага с/с, 19 км ад Мсціслава, 76 км да Магілёва.

Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з 1607 г. як цэнтр маёнтка ў Мсціслаўскім ваяводстве. ВКЛ, 47 двароў, шляхецкая ўласнасць. У 1663 г. аддадзена Мсціслаўскаму кармеліцкаму кляштару. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 г. сяло Ходасаў у Чэрыкаўскай акрузе. Памешчык меў тут у 1858 г. 1158 дзесяцін зямлі, вадзяны млын і сукнавальню. У 1885 г. сяло Ходасава (15 двароў, 94 жыхары) і аднайменная вёска (53 двары, 287 жыхароў) у Доўгавіцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Меліся вадзяны млын, драўляная царква (адкрыта не пазней 1880). Частка вяскоўцаў займалася сталярным і калёсным промысламі. Паводле перапісу 1897 г. 36 двароў, 249 жыхароў, працавала школа; штогод (9мая) праводзіўся кірмаш. Непадалёку існавалі в. Ходасава 2 (38 двароў, 248 жыхароў) і пас. Ходасаў (11 двароў, 80 жыхароў). У 1990 г. ў сяле было 48 двароў, 234 жыхары, у в. Ходасаў 2 – 49 двароў, 265 жыхароў, у в. Ходасаў 3 – 12 двароў, 128 жыхароў, у маёнтку Ходасава – 1 двор, 5 жыхароў. У 1916 г. каля сяла прайшла чыгунка і на месцы рабочых пабудоў узнікла станцыя, але работы на чыгунцы Крычаў – Орша былі завершаны толькі ў 1921., пасажырскі рух адкрыты ў 1922 г. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. З 24.09.1926 г. цэнтр сельсавета. На базе дарэвалюцыйнай працоўнай школа 1-й ступені, у якой у 1926 г. было 65 вучняў. У красавіку 1931 г. арганізаваны калгас “МОПР”, які аб’ядноўваў 70 гаспадарак, меў 533 ворыва. У 1933 г. створана Ходасаўская МТС імя Тэльмана (рэарганізавана 31.03.1958). У 1934 г. палітаддзел МТС выпускаў шматтыражку “Сцяг Леніна”. У 1937 г. на ст. Ходасы адкрыты ўрачэбны пункт. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1940 г. 76 двароў. У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1941 дзейнічала камсамольская арганізацыя. Нескалькі разоў партызаны рабілі налёты на станцыю. У 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Вызвалена 30.09.1943 г. 344-й стралковай дывізіяй пры падтрымцы 196-й танкавай брыгады 49-й арміі. Каля чыгуначнай станцыі ў брацкай магіле пахаваны 167 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні станцыі і вёскі. У 1990 г. 959 гаспадарак, 2437 жыхароў, цэнтр саўгаса імя Тэльмана (створана ў 1960), які спецыялізаваўся на вырошчванні племянной буйной рагатай жывёлы і свінагадоўлі. Меў 5113 га сельгасугоддзяў. У вёсцы працавалі сад-яслі, сярэдняя школа, інтэрнат, бібліятэка, Дом культуры, дзіцячая музыкальная школа, грамадская лазня, сталовая, 9 магазінаў, урачэбная амбулаторыя, аптэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, ветэрынарны ўчастак. Дзейнічалі хлебакамбінат, камбікормавы завод, вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафарыентацыі, гібрыдна-селекцыйны комплекс “Саюз”, электрастанцыя на 10 тыс. кВт. У 2007 г. – вёска ААТ “Мсціслаўскі райаграпрамтэхзаб”, сярэдняя школа, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, філіял Мсціслаўскага УКП “Бытпаслугі”, 3 магазіны, аддзяленне сувязі. Генеральны план забудовы вёскі распрацаваны ў 1974 г. Магілёўскім філіялам інстытута “Белдзяржпраект”. У 1979 г. БелНДІПгорадабудаўніцтва складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 1672 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Лявданский, А. Н. Некоторые данные о городищах Смоленской области (о Ходосах). — Смоленск. — 1926.
  2. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 262, 267, 273, 282, 437, 619.

У тэксце ёсць згадка пра в. Ходасы.

  1. Ходасы : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 90 — 91.
  2. Ходасы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 601 — 602.
  3. Ходасы, гарадзішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. – Мінск. — 1774. — С. 319 — 320.
  4. Ходасы, гарадзішча // Збор помнікаў гісторі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мінск. — 1986. — С. 319 — 320.

 

 

Belarusian BE Russian RU