Касмынічы
КАСМЫНІЧЫ
КАСМЫНІЧЫ – вёска ў Капачоўскім с/с, за 15 км на ПнЗ ад Мсціслава, 85 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша – Сураж.
Упершыню згадваецца ў фрагментах інвентару 1560, калі вёска была дзярж. уласнасцю і налічвала 5 дамоў. У 1604 г. сяло ў Гарбавіцкім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг. спустошана ў выніку ваен. дзеянняў. У 1768 г. тут быў маёнтак. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1850 г. ў Мсціслаўскім павеце, 9 двароў, 41 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1881 г. памешчыкі Карачэўскія мелі ў вёсцы 192 дзес. зямлі. паводле перапісу 1897 г. ў Старасельскай вол. Мсціслаўскага павета, 21 двор, 140 жыхароў. Побач была аднайменная аколіца, 23 двары,145 жыхароў. У 1909 г. ў вёсцы 42 двары, 158 жыхароў, у аколіцы – 19 двароў, 70 жыхароў. У гэтым жа годзе была адкрыта земская школа, для якой пабудавана памяшканне. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэвалюцыйнай створана прац. школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 42, а ў 1926 г. – 65 вучняў. У 1926 г . ў вёсцы 69 двароў, 342 жыхары. У 1931 г. арганізаваны калгас “Пралетарская перамога”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 60 гаспадарак, меў 322 га ворыва, абслугоўся Хлышчоўскай МТС. У 1935 г. пач. школа ператворана ў 7-гадовую. З 20.02.1938 г.ў Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1990 г. 61 гаспадарка, 169 жыхароў, у складзе племсаўгаса “Пісараўшчына” (цэнтр – в. Капачы). Працавалі 8-гадовая школа, клуб, магазін, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі. У 2007 г. вёска далучана да РУСП “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Віхра”. Дзейнічаў магазін.
На 01.01.2020 насельніцтва складае 46 чал.
ЛІТАРАТУРА
- Касмынічы : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 45 — 46.
- Касмынічы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 580.
- Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 262, 267, 272, 281, 617.
У тэксце ёсць згадка пра в. Касмынічы.