Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Капачы

КАПАЧЫ

 

КАПАЧЫ—вёска, цэнтр Капачоўскага сельсавета, за 16 км ад Мсціслава.

Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з 19 ст. Памешчык меў тут у 1855 г. 122 дзесяціны зямлі. Паводле перапісу 1897 г. ў Старасельскай воласці Мсціслаўскага павета, 10 двароў, 98 жыхароў. Непадалёку былі 2  аднайменныя фальваркі: у адным – 1 двор, 2 жыхары, у другім – 1 двор, 10 жыхароў. У 1909 г. ў вёсцы 10 двароў, 89 жыхароў, у фальварках Капачы 1 – 1 двор, 7 жыхароў, Капачы 2 – 1 двор, 8 жыхароў.  У 1917 г. ў вёсцы 19 двароў, а непадалёку на Казінскіх хутарах – яшчэ 10 двароў. Значная частка зямлі належала памешчыку, які жыў у г. Рыга.

Вясной 1918 г. сяляне падзялілі памешчыцкую зямлю. У 1919 г. адкрыта школа, якая размешчалася ў нацыялізаваным будынку (у 1926 г. 45 вучняў). 02.07.1921 г. створана меліярацыйнае таварыства. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР.

У 1926 г. ў в. Старыя Капачы 2 двары, 133 жыхары, у в. Новыя Капачы 5 двароў, 45 жыхароў.  У 1931 г. арганізаваны саўгас “Чырвоны сцяг”, які з 1932 г. называўся “Пісараўшчына”, уваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст, меў у 1933 г. 9 трактароў і іншую тэхніку. У 1933 г. адкрыты дзіцячыя яслі. У 1934 г. саўгас атрымаў тэлефонную сувязь, у 1935 г. электрыфікаваны. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1940 г. далучаны пасёлак Казінскі; у вёсцы пабудаванаы 13 саўгасных двароў. У саўгасе ў 1940 г. было 450 кароў, 750 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы, 87 коней, 2,5 тыс. свіней, 15 трактароў, 5 грузавых і легкавая аўтамашыны.

У Вялікую Айчыйнную вайну з ліпеня 1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Калі пачалася вайна, большая частка жывёлы была перададзена саўгасу “Рассвет” Калжскага раёна РСФСР, а частка—рабочым саўгаса. Акупанты спалілі ўсе саўгасныя будынкі і дамы працоўных, разрабавалі маёмасць. У 1944 г. саўгас атрымаў 170 галоў буйной рагатай жывёлы з Омскай вобласці і 69 галоў з г. Барабінка Новасібірскай вобласці.

У 1968 г. ў цэнтры вёскі на ўшанаванне памяці 271 земляка, якія загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе, пастаўлена стэла.

У 1990 г. 212 гаспадарак, 669 жыхароў, цэнтр племсаўгаса “Пісараўшчына”. У вёсцы працавалі дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, бібліятэка, Дом культуры, бальніца, аптэка, швейная майстэрня, філіял камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, сталовая, 2 магазіны, гасцініца, аддзяленне сувязі, аўматычная тэлефонная станцыя.

У 2007 г. цэнтр РУСП “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Віхра”, дзіцячы сад, сярэдняя школа, бібліятэка, Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, магазін, аддзяленне сувязі бальніца, аптэка, комплексны прыёмны пункт  бытавога абслугоўвання насельніцтва Мсціслаўскага УКП “Бытпаслугі”, магазін, аддзяленне сувязі.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 716 чал.

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Денисенкова, Н. Праздник широты белорусской души : [в субботу в агрогородках Копачи и Мушино прошел День деревни] / Нелли Денисенкова // Святло Кастрычніка. — 2020. — 4 сакавіка. — № 17. — С. 3.
  2. Капачы : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 42 — 44.
  3. Капачы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 579.
Belarusian BE Russian RU