Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Гімбатаўка

ГІМБАТАЎКА

 

ГІМБАТАЎКА – вёска ў Капачоўскім сельсавеце, за 9 км ад Мсціслава.

Па мясцовых крыніцах вядома з 19 ст. Памешчык меў тут у 1854 г. 218 дзесяцін зямлі. У 1857 г. вёска ў Мсціслаўскім павеце, уласнасць памешчыка. У 1875 г. адкрыта школа, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне. У 1900 г. будынак згарэў, і школа размясцілася ў наёмным памяшканні. Паводле перапісу 1897 г. ў Аслянскай воласці Мсціслаўскага павета, 20 двароў, 72 жыхары. Непадалёку быў аднайменны фальварак, 1 двор, 8 жыхароў. У 1909 г. ў вёсцы 24 двары, 119 жыхароў, у фальварку 1 двор, 6 жыхароў.

Савецкая ўлада ўстаноўленна ў студзені 1918 г. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 33, а ў 1926 – 52 вучні. У 1926 г. 35 двароў, 210 жыхароў. У 1931 г. арганізаваны калгас “Вольная праца”, які ў 1931 г. аб’ядноўваў 59 гаспадарак, меў 388 га ворыва, абслугоўваўся Мсціслаўскай МТС. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У 1990 г. 17 гаспадарак, 33 жыхары, у складзе саўгаса “Мсціслаўскі” (цэнтр – г. Мсціслаў). Працавалі магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва. У 2007 г. вёска далучана да СВК “Мазалаўскі”.

Радзіма члена-карэспандэнта АН БССР В. І. Семянкова (нар. 26.12.1925), беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук А. Дз. Лебедзева (26.01.1936).

На 01.01.2020 насельніцтва складае 9 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Гімбатаўка : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 59 — 60.
  2. Гімбатаўка : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 573.
Belarusian BE Russian RU