Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Доўгавічы

ДОЎГАВІЧЫ

 

ДОЎГАВІЧЫ — вёска ў Ракшынскім с/с, за 33 км на ПдЗ ад Мсціслава, 78 км ад Магілёва, 14 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша-Сураж.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 17 ст. У 1635 г. с. ў Пуцькаўскім войтаўстве Магілёўскай эканоміі Аршанскага павета, дзярж. ўласнасць. Дзейнічалі млын і карчма. У 1742 г. сяло Доўгавічы (яно ж Парапшы) у Пуцькаўскім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі Аршанскага павета Віцебскага ваяв. ВКЛ, 45 двароў, царква, млын, карчма, дзярж. ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1777 г. сяло ў Чэрыкаўскай акрузе Магілёўскай губ. У 1816 г. ў Чэрыкаўскім павеце, 86 двароў, 466 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1848 г. 93 двары, дзейнічала дараўляная царква. У 1870 г. адкрыта школа (нар. вучылішча), у якой у 1889 г. навучаліся 41 хлопчык і 3 дзяўчынкі. У 1886 г. цэнтр воласці Чэрыкаўскага павета, 73 двары, 487 жыхароў. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся сталярным промыслам. Паводле перапісу 1897 г. 113 двароў, 722 жыхары, школа, хлебазапасны магазін, карчма, багадзельня, 2 вадзяныя млыны, царква; 2 разы ў год праводзіліся кірмашы. У 1909 г. 135 двароў, 727 жыхароў, пабудавана памяшканне для школы. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэв. створана прац. школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 87 вучняў. З 20.08.1924 г. ў Расненскім р-не Калінінскай акругі, цэнтр Доўгавіцкага с/с. У 1924 г. адкрыта прац. школа 1-й ступені, пачалі дзейнічаць хата-чытальня, б-ка, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1926 г. 156 двароў, 882 жыхары. З 09.06.1927 г. ў складзе Аршанскай акругі, з 26.07.1930 г. ў Расненскім, з 25.07.1931 г. ў Мсціслаўскім р-нах. У 1930 г. арганізавана камуна, а ў 1931 г. – калгас “Ударнік”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 75 гаспадарак, меў 391 га ворыва, абслугоўваўся Ходасаўскай МТС імя Тэльмана. У 1937 г. пабудавана новае памяшканне для 7-гадовай школы. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. З 1939 г. працаваў клуб. У Вял. Айч. вайну з 10.07.1941 г. да 29.09.1943 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. На ўшанаванне памяці 178 землякоў, якія загінулі на фронце і ў партыз. барцьбе, у 1965 г. ў цэнтры вёскі пастаўлена стэла. У 1990 г. 201 гаспадарка, 466 жыхароў, цэнтр калгаса “Ударнік”. Працавалі сярэдняя школа (16 настаўнікаў), б-ка, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, гандл. цэнтр, аўтаматычная тэлеф. станцыя швейная майстэрня, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, спажывецкае т-ва. У 2007 г. цэнтр СВК “Усход”, школа, магазін, аддз. сувязі. Зараз ААТ “Сцяг працы”.

На 01.01.2020 насельніцтва складае 160 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Доўгавічы : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 33 — 34.
  2. Доўгавічы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 574 — 575.
  3. Качало, Н. Из истории деревни Долговичи : [малая родина] / Н. Качало // Святло Кастрычніка. — 2016. — № 10. — 10 лютага. — С. 2.
  4. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 267, 272, 281.

У тэксце ёсць згадка пра в. Доўгавічы.

  1. Тихановская, Н. Говорили о жизни, отдыхали душой : [традиционный в районе праздник – День деревни прошел в д. Долговичи] / Наталья Тихановская // Святло Кастрычніка. — 2019. — 28 жніўня. — № 63. — С. 4.

 

 

Belarusian BE Russian RU