Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Быковічы

БЫКОВІЧЫ

 

БЫКОВІЧЫ – вёска ў Мазалаўскім сельсавеце, за 9 км ад Мсціслава. Праз вёску цячэ ручэй (прыток р. Чорная Натапа).

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст. У 1589 г. сяло ў Мсціслаўскай воласці аднайменнага павета, дзяржаўная ўласнасць. У час руска-польскай вайны 1654-1667 гг. спустошана. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1834 г. ў Мсціслаўскім павеце, 13 двароў, 47 жыхароў, уласнасць памешчыка, які меў тут у 1879 г. 120 дзесяцін зямлі. Паводле перапісу 1897 г. ў Старасельскай воласці быў аднайменны фальварак (1 двор, 6 жыхароў). У 1909 г. ў сяле 13 двароў, 96 жыхароў, у фальварку 1 двор, 4 жыхары.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 г. У 1920 г. адкрыта школа, якая размяшчалася ў былым памешчыцкім будынку. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. У 1925 г. ў школе навучаліся 42 вучні, дзейнічалі драматычныя і сельскагаспадарчыя гурткі. У 1931 г. арганізаваны калгас “Вольны шлях”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 22 гаспадаркі, меў 136 га ворыва, абслугоўваўся Мсціслаўскай МТС. У 1931 г. калгасу было перададзена ўрочышча Галыншчына. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У пачатку 1941 г. ў вёску пераселены жыхары в. Базылеўка.

У Вялікую Айчынную вайну з 14.07.1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У 1990 г. 30 гаспадарак, 61 жыхар, у складзе калгаса “60 гадоў БССР” (цэнтр – в. Мазалава), працаваў магазін. У 2007 г. ў СВК “Мазалаўскі”.

Радзіма аднаго з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Столінскага раёна ў Вялікую Айчынную вайну В. Я. Ключанкова (1899 – жн. 1941).

Насельніцтва на 01.01.2020 складае 7 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Быковічы : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 23 — 24.
  2. Быковічы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 569.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 272, 281.

У тэксце ёсць згадка пра в. Быковічы.

 

Belarusian BE Russian RU