Беразетня
БЕРАЗЕТНЯ
БЕРАЗЕТНЯ – вёска ў Падсолтаўскім с/с, за 38 км на ПнЗ ад Мсціслава, 133 км ад Магілёва, 14 км ад чыг. ст. Цёмны Лес на лініі Орша – Сураж. Транспартныя сувязі па мясц. дарозе праз д. Шамава і далей па шашы Мсціслаў – Горкі.
Па пісьмовых крыніцах вядома з 1560 г. як цэнтр маёнтка ў Аршанскім павеце. Успамінаецца ў сувязі з размежаваннем маёнткаў. У 1638 г. с Беразетня (яно ж Несцерава) у Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1798-99 гг. вяскоўцы некалькі разоў выступалі супраць свавольства памешчыка і паліцыі. У 1818 г. заснавана сукнавальня. У 1858 г. сяло (59 рэвізскіх душ), млын, карчма. Памешчык у 1878 г. меў тут 1479 дзес. зямлі, млын і сукнавальню. У 1880 г. 22 двары, 182 жыхары. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся кушнерскім промыслам, дзейнічалі ветраны млын, школа граматы, паштовая станцыя на тракце Орша – Клімавічы – Касцюковічы (у 1880 г. 8 коней). Паводле перапісу ў Шамаўскай вол. Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., 37 двароў, 238 жыхароў. Непадалёку быў пас. Беразетня (ён жа Цантроўка), 14 двароў, 100 жыхароў, вадзяны млын, сукнавальня. У 1909 г. ў вёсцы 37 двароў, 232 жыхары, у фальварку 13 двароў, 125 жыхароў. На базе дарэв. створана прац. школа 1-й ступені. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. У1930 г. арганізаваны калгас “Перамога”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 67 гаспадарак, меў 523 га ворыва, абслугоўваўся Курманаўскай МТС. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 14.07.1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. На могілках у брацкай магіле пахаваны 21 сав. воін, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі. У 1990 г. 35 гаспадарак, 83 жыхары, у складзе калгаса “Камуніст” (цэнтр – в. Несцерава). Працавалі пач. школа, магазін. У 2007 г. далучана да СВК “Курманава”. Зараз ААТ “Натапа-Агра”.
Насельніцтва на 01.01.2020 складае 5 чал.
ЛІТАРАТУРА
- Беразетня : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 20.
- Беразетня : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 567 — 568.
- Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 220, 620.
У тэксце ёсць згадка пра в. Беразетня.