Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Басценавічы

БАСЦЕНАВІЧЫ

 

БАСЦЕНАВІЧЫ – вёска ў Капачоўскім с/с за 22 км ад Мсціслава, 77 км да Магілёва.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1777 г. У 1816 г. ў Чэрыкаўскім павеце, 33 двары, 166 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1880 г. 46 двароў, 252 жыхары. Паводле перапісу 1897 г. ў Доўгавіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 57 двароў, 408 жыхароў, працавалі школа граматы і карчма, штогод, праводзіліся кірмашы. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся сталярным і бандарным промысламі. Дзейнічала драўляная царква (адкрыта не пазней 1880), якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму. У пачатку 20 стагодзя пачала дзейнічаць школа, у якой у 1905 г. навучаліся 45 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, у 1907 г. – 50 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. У 1909 г. 66 двароў, 347 жыхароў. З 17.07.1924 г. ў БССР. У 1926 г. 97 двароў, 626 жыхароў. У 1929 г. арганізаваны калгас “1 Мая”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 38 гаспадарак, меў 257 га ворыва, дзейнічала кузня, абслугоўваўся Хлышчоўскай МТС. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У брацкай і адзіночнай магілах, што на могілках, пахаваны 4 савецкіх воіны, якія загінулі ў 1943 г. пры вызваленні раёна. На ўшанаванне памяці 96 землякоў, загінуўшы на фронце і ў партызанскай барацьбе, у 1965 г. ў цэнтры вёскі пастаўленны абеліск. У 1990 г. 132 гаспадаркі, 315 жыхароў, цэнтр калгаса імя Энгельса. У вёсцы працавалі дзіцячы сад-яслі, бібліятэка, сельскі клуб, сталовая, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, фельч.-акушэрскі пункт, магазін, аддзяленні ашчаднага банка і сувязі. У 2007 г. цэнтр СВК імя Энгельса, школа, бібліятэка, клуб, аддзяленне сувязі, фельч. акушэрскі пункт, магазін. Зараз у складзе калгаса ААТ “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Віхра”.

Насельніцтва на 01.01.2020 складае 225 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Басценавічы : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 17 — 18.
  2. Басценавічы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 566.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 266, 272, 281, 436, 616.

У тэксце ёсць згадка пра в. Басценавічы.

Belarusian BE Russian RU