Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Башары

БАШАРЫ

 

БАШАРЫ – вёска ў Ракшынскім с/с, за 30 км на З ад Мсціслава, 65 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша-Сураж.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 18 ст. У 1742 г. дзярж. Маёнтак у Мсціслаўскім ваяв. ВКЛ, перададзены ў прыватнае ўладанне. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1798 г. ў Чавускім павеце, вёска і фальварак (5 двароў, 27 жыхароў), дзейнічала вінакурня. У 1860 г. 24 двары, 174 жыхары, уласнасць памешчыка, які меў тут у 1867 г. 270 дзес. зямлі. У 1880 г. 10 двароў, 63 жыхары. Частка вяскоўцаў займалася калёсным промыслам, вырабам розных быт. такарных рэчаў з дрэва. Паводле перапісу 1897 г. ў Расненскай вол. Чавускага пав. Магілёўскай губ., 12 двароў, 67 жыхароў. Непадалеку былі аднайменныя пасёлак (2 двары, 5 жыхароў) і фальварак (1 двор, 3 жыхары). У 1909 г. ў вёсцы 17 двароў, 93 жыхары, у аднайменным выселку, што знаходзіўся побач, 3 двары, 21 жыхар, у фальварку – 1 двор, 7 жыхароў. З 17.07.1924 г. ў БССР. У 1926 г. хутары, 27 двароў, 146 жыхароў. У 1931 г. арганізаваны калгас “Сцяг працы”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 27 гаспадарак, меў 300 га ворыва, кузню. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 11.07.1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У брацкай магіле ў цэнтры вёскі пахаваны 22 сав. воіны, сярод якіх байцы 277-й стралковай дывізіі, што загінулі ў 1943 г. пры вызваленні раёна. На могілках пахаваны Герой Сав. Саюза І. А. Мельнічэнка, які вызначаўся пры фарсіраванні рэк Проня, Бася, Дняпро і памёр ад ран 04.07.1944 г. У 1967 г. далучана в. Шчапілы. У 1990 г. 21 гаспадарка, 49 жыхароў, у складзе калгаса імя Свярдлова (цэнтр – в. Ракшыно). У 2007 г. далучана да СВК “Сцяг працы”. Зараз ААТ “Сцяг працы”.

Насельніцтва на 01.01.2020 складае 13 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Башары : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 18 — 19.
  2. Башары : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 566 — 567.
  3. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 272, 281.

У тэксце ёсць згадка пра в. Башары.

Belarusian BE Russian RU