Банькаўшчына
БАНЬКАЎШЧЫНА
БАНЬКАЎШЧЫНА – вёска ў Капачоўскім с/с, за 12 км на ПнЗ ад Мсціслава, 107 км ад Магілёва. За 1 км на З ад вёскі і на мысе правага берага р. Чорная захавалася гарадзішча, што сведчыць аб засяленні гэтых месц у далекай старажытнасці. Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. У 1747 г. вёска (6 двароў) у Крычаўскім старастве, дзяржаўная ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1834 г. ў Мсціслаўскім павеце, 9 двароў, 42 жыхары, уласнасць памешчыка. У 1850 г. 30 жыхароў мужчынскага полу. Паводле перапісу 1897 г. ў Старасельскай вол. Мсціслаўскага павета, 19 двароў, 138 жыхароў. У 1909 г. 25 двароў, 161 жыхар. У 1931 г. адкрыта школа, якая размяшчалася ў нацыяналізаванным памешчыцкім будынку. У ёй у 1925 г. было 35 вучняў. З 17.07.1924 г. ў БССР. У 1931 г. арганізаваны калгас “Новае жыццё”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 30 гаспадарак, меў 172 га ворыва, абслугоўваўся Мсціслаўскай МТС. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 14.07.1941 г. да 28.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1990 г. 24 гаспадаркі, 45 жыхароў, у складзе Мсціслаўскага коннага з-да № 120 (цэнтр – в. Лютня). Працаваў магазін. У 2007 г. далучана да РУСП “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Віхра”.
Насельніцтва на 01.01.2020 складае 3 чал.
ЛІТАРАТУРА
- Вёска Банькаўшчына, Лютнянскі с/с. Гарадзішча (археал.), за 1 км на захад ад вёскі, на мысе правага берага р. Чорная рэчка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобл. — Мінск. — 1986. — 408 с., іл.
- Банькаўшчына : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 17.
- Банькаўшчына : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 566.
- Банькаўшчына, гарадзішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мінск. — 1986. — С. 311.
- Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 281, 639.
У тэксце ёсць згадка пра в. Банькаўшчына.