Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Багацькаўка

БАГАЦЬКАЎКА

 

БАГАЦЬКАЎКА – вёска ў Падсолтаўскім сельсавеце, за 23 км ад Мсціслава.

У 1834 г. ў Мсціслаўскім павеце, 28 двароў, 116 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1880 г. 20 двароў, 161 жыхар. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся шавецкім і кравецкім промысламі. Паводле перапісу 1897 г. ў Шамаўскай воласці Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерніі, в. Вялікая Багацькаўка (36 двароў, 210 жыхароў) пры дарозе Мсціслаў – Шамава. Побач была в. Малая Багацькаўка (20 двароў, 134 жыхары). У 1909 г. ў в. Вялікая Багацькаўка 30 двароў, 172 жыхары, школа граматы, у в. Малая Багацькаўка 21 двор, 160 жыхароў.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1926 г. было 42 вучня. У 1930 г. ў в. Вялікая Багацькаўка арганізаваны калгас “Рассвет”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 38 гаспадарак, меў 296 га ворыва, у. в. Малая Багацькаўка – калгас імя Чырвонай арміі, які аб’ядноўваў у 1932 г. 15 гаспадарак, меў 133 га ворыва. У калгасе “Рассвет” дзейнічала партыйная ячэйка; працавала кузня. Абслугоўваліся калгасы Курманаўскай МТС.

У Вялікаю Айчынную вайну з 14.07.1941 г. да 29.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У 1976 г. вёска Вялікая Багацькаўка і Малая Багацькаўка былі аб’яднаны ў адну з назвай Багацькаўка. У 1990 г. – 66 гаспадарак, 147 жыхароў, у складзе калгаса імя Леніна (цэнтр – в. Курманава). Працавалі пачатковая школа, магазін, музей пісьменніка М. Гарэцкага.

У 2007 г. ў СВК “Курманава”. Дзейнічае музей М. Гарэцкага – філіял рэспубліканскага Літаратурнага музея.

Радзіма беларускай песенніцы А. М. Гарэцкага (1864-1935), беларускага пісьменніка, празаіка, перакладчыка, фалькларыста, лексікографа М. І. Гарэцкага (1893-1938), вучоных у галіне геалогіі акадэмікаў АН БССР Г. І. Гарэцкага (1900-1988) і Р. Г. Гарэцкага (нар. ў 1928 г.). Зараз ў складзе калгаса ААТ “Натапа-Агра”.

Насельніцтва на 01.01.2020 складае 20 чал.

 

ЛІТАРАТУРА

 

  1. Багацькаўка : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 16 — 17.
  2. Багацькаўка : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 565 — 566.
Belarusian BE Russian RU