Андраны
АНДРАНЫ
АНДРАНЫ – вёска ў Ракшынскім с/с, за 33 км ад Мсціслава, 82 км ад Магілёва.
У 1858 г. ў вёсцы 15 двароў, 87 жыхароў, уласнасць памешчыка, які меў тут у 1861 г. 230 дзес. зямлі і вадзяны млын. У 1880 г. 22 двары, 95 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У 1889 г. адкрыта царк.-прыходская школа. Паводле перапісу 1897 г. ў Доўгавіцкай вол. Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губ., 29 двароў, 203 жыхары, карчма. У 1909 г. 38 двароў, 240 жыхароў. Побач быў фальварак, 3 двары, 40 жыхароў. На базе дарэв. створана прац. школа 1-й ступені, якой у 1918 г. быў перададзены нацыяналізаваны будынак, у 1925 г. было 58 вучняў. З 17.07.1924 г. ў БССР. У 1926 г. 54 двары, 328 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас “Трактар”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 43 гаспадаркі, меў 368 га ворыва, абслугоўваўся Ходасаўскай МТС імя Э. Тэльмана. У 1933 г. пабудавана кузня. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У 1940 г. далучана в. Ганчароўка. У Вял. Айч. вайну з ліпеня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі, пахавана 2 воіны 95-й стралк. дывізіі 49-й арміі 2-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях супраць гітлераўцаў. На ўшанаванне памяці 77 землякоў, загінуўшых на фронце і ў партыз. барацьбе, у 1966 г. ў цэнтры вёскі пастаўлена стэла. У 1976 г. далучаны вёскі Валымер, Янава. У 1990 г. 79 гаспадарак, 196 жыхароў, у складзе калгаса “Ударнік” (цэнтр – в. Доўгавічы). Працавалі пач. школа, клуб, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, магазін, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва. У 2007 г. ў складзе СВК “Усход”, сярэдняя агульнаадукац. школа, дзіцячы сад, сельскі клуб, б-ка, аддз. сувязі, магазін, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва Мсціслаўскага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства “Бытпаслугі”. Планіровачна складаецца з 4 вуліц. Зараз у складзе калгаса ААТ “Сцяг працы”.
Насельніцтва на 01.01.2020 складае 452 чал.
ЛІТАРАТУРА
- Андраны : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 13 — 14.
- Андраны : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 564.
- Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 266, 271, 280.
У тэксце ёсць згадка пра в. Андраны.