Падлужжа
ПАДЛУЖЖА
ПАДЛУЖЖА – вёска, цэнтр Краснагорскага с/с, за 12 км на ПдУ ад Мсціслава, 107 км ад Магілёва.
Вядома па археалг. крыніцам з 12 ст. як паселішча ў Мсціслаўскім княстве. У 1643 г. цэнтр маёнтка, уласнасць памешчыка. У 1737 г. мелася драўляная царква. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. У 1834 г. сяло (92 жыхары) і фальварак (20 жыхароў). У 1847 г. ў Мсціслаўскім павеце, сяло, 13 двароў, 165 жыхароў, і фальварак – 4 сям’і дваровых, 12 чалавек, уласнасць памешчыка. Мелася карчма. У 1862 г. пачала працаваць вінакурня (у 1881 г. 11 рабочых), дзейнічалі 2 царквы. Памешчык меў тут у 1866 г. 540 дзес. зямлі, вінакурны з-д, млын, карчму і паром. У 1885 г. ў Казіміраваслабодскай вол. Мсціслаўскага павета, 20 двароў, 168 жыхароў; адкрыта земская школа, якая размяшчалася ў наёмным памяшканні. Паводле перапісу 1897 г. ў сяле 30 двароў, 205 жыхароў, піцейны дом, на аднайменной сядзібе – 1 двор, 7 жыхароў, царква; у царк. сяленні – 2 двары, 6 жыхароў, царква, прыходская школа; у фальварку – 1 двор, 26 жыхароў, вінакурны з-д. У 1909 г. ў сяле 34 двары, 333 жыхары. З 17.07.1924 г. ў складзе БССР. На базе дарэвалюцыйнай створана прац. школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 52 вучні. У 1926 г. 62 двары, 369 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас “Чырвоны шлях”, які ў 1932 г. аб’ядноўваў 32 гаспадаркі, меў 147 га зямлі. Старшынёй калгаса у 1931 г. быў абраны Ул. Т. Мікалаеў, які ў 1929 г. на радзіме (в. Міцькаўшчына) арганізаваў саўгас-камуну. З 1933 г. калгас абслугоўваўся Мсціслаўскай МТС імя Кірава. З 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобл. У 1940 г. 80 двароў. У Вял. Айч. вайну ў ліп.1941 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі 35 двароў. Вызвалена 29.09.1943 г. Пасля вайны адбудавана. У памяць аб 178 земляках, што загінулі на франтах і ў парт. барацьбе, у цэнтры вёскі ў 1969 г. пастаўлены абеліск. З 06.04.1973 г. цэнтр сельсавета. У 1977 г. ў вёсцы створаны музей прац. і баявой славы. У 1990 г. 155 гаспадарак, 456 жыхароў, цэнтр калгаса “ХХІ з’езд КПСС”, які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі і насенняводстве. Меў 3385 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 2383 га ворыва, 43 грузавыя аўтамашыны, 57 трактароў, 20 збожжаўборачных камбайнашую тэхніку. У 1990-я г. ў вёсцы працавалі дзіцячы сад, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, гандл. цэнтр, сталовая, фельч.-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, аддз. сувязі, аўтаматычная тэлеф. станцыя. У 2007 г. цэнтр СВК “Сож-Агра”, Дом культуры, б-ка аграгарадка, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, філіял Мсціслаўскага УКП “Бытпаслугі”, фельч.-акушэрскі пункт, магазін, аддз. сувязі.
Зараз ААТ “Сож-Агра”.
На 01.01.2020 насельніцтва складае 312 чал.
ЛІТАРАТУРА
- Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХVIII cтст. / А. А. Мяцельскі. — 2-е выданне, выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — С. 272, 282, 437, 635.
У тэксце ёсць згадка пра в. Падлужжа.
- Падлужжа : [вёска ў Мсціслаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 7 : . — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004 — Магілёўская вобласць, кн. 3 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — С. 67 — 68.
- Падлужжа : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна. — Мінск : Полымя, 1999. — С. 590.